22 лютага 2024 года для вучняў 5-6 класаў Абалецкай базавай школы прайшла літаратурная гульня «Жывое роднае слова». Мерапрыемства было прымеркавана да Дня роднай мовы. Рабяты размаўлялі на беларускай мове, адгадвалі загадкі, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую. Усім удзельнікам былі ўручаны дыпломы за ўдзел, а самыя актыўныя атрымалі салодкія падарункі.
24 лютага 2024 года ў Гаршчэўшчынскай сельскай бібліятэцы для вучняў 6-7 класаў прайшоў урок-гульня “Мова родная – мова модная”, прымеркаваны да Міжнароднага Дня роднай мовы. Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з гісторыяй узнікнення гэтага свята і прапанавала ім выканаць заданні: адгадаць беларускія загадкі, перакласці на беларускую мову словы і сказы, знайсці “словы - падманшчыкі”, прачытаць вершы беларускіх паэтаў, па музычным фанаграмам адгадаць назвы беларускіх народных танцаў і песень. Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “На хвалях роднай мовы”.
Паэтычны вянок па творах беларускіх паэтаў “У мовы роднай – роднае карэнне” адбыўся 21 лютага 2024 года ў Звянячскай сельскай бібліятэцы. Падчас мерапрыемства бібліятэкар імкнулася данесці слухачам пра значнасць беларускай мовы, яе веліч і прыгажосць, прывяла кароткія факты з гісторыі ўзнікнення Дня роднай мовы, нагадала багатую спадчыну беларускага паэтычнага слова. Прысутныя з захапленнем чыталі вершы беларускіх паэтаў пра мову, слухалі дзіўную музыка І.Лучанка “Спадчына”, “Белавежская пушча” і іншыя. Таксама быў аформлены бібліятэчны квілт “Маё любімае слова на роднай мове”, дзе знайшлі месца любімыя словы наведвальнікаў бібліятэкі: “Радзіма”, “Бацькаўшчына”, “спадчына”, “рамонкі”, “валошкі” і іншыя. Напрыканцы адбыўся агляд новых паступленняў кніг на беларускай мове.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак інфармацыйныя закладкі для кніг з вершаванымі радкамі пра мову.
21 лютага 2024 года ў Варанцэвічскай сельскай бібліятэцы прайшла акцыя “Гучы, матчына мова”. Чытачам было прапанавана напісаць сваё любімае слова на роднай мове і замацаваць на “вялікае сэрца”. Таксама ў гэты дзень наведвальнікі бібліятэкі маглі выказаць сваю любоў да роднай мовы, прачытаўшы ўслых творы класікаў і сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў. У бібліятэцы прагучалі вершы “Роднае слова”, “Спадчына” Я.Купалы; урыўкі з паэмы “Новая зямля” Я.Коласа, ўрыўкі з твораў Л.Кебіч, Л.Дрожжы, Т.Атрошанка, Г.Пярун і інш.
Бібліятэкар Райцаўскай сельскай бібліятэцы на базе ДУА «Раіцкі дзіцячы сад» для дзяцей дашкольнага ўзросту правяла гульню-конкурс «Ведай і любі родную мову». Дзяўчынкі і хлопчыкі прынялі ўдзел у конкурсах: «Знаёмства», «Ветлівыя словы», «Павучальны», «Забаўлянка», «Беларуская гульня», якія былі накіраваны на выхаванне паважлівых адносін да беларускай мовы і культуры, фарміраванне любові да сваёй Радзімы.
Гадзіна роднай мовы пад такой назвай прайшла 21 лютага 2024 года ў цэнтральнай раённай бібліятэцы для вучняў 9 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Талачына імя Ф. Я. Макавецкага”.
Падчас падарожжа па краіне роднай мовы ўдзельнікам мерапрыемства давялося зрабіць прыпынкі, на якіх выконвалі конкурсныя заданні: “Перакладчык”, “Закончыце сказы”, “Нечаканыя пераўтварэнні”, “Адгадай загадкі”, “Пазнай партрэт пісьменніка” і “Шыфравальшчык”.
Прагучала шмат беларускамоўных прыказак, прымавак у якіх адлюстроўваецца старадаўняя мудрасць і душа беларускага народа. І, канешне, звярнуліся да беларускай паэзіі – прагучалі вершы Юрася Свіркі, Ніла Гілевіча, Пятруся Броўкі, Ігара Пракаповіча. Таксама пазнаёміліся з творамі беларускіх пісьменнікаў, прадстаўленымі на кніжнай выставе “Роднай мовы гук чароўны”.
Напрыканцы мерапрыемства прыйшлі да высновы, што беларуская мова заслугоўвае таго, каб ёй ганарыліся і выкарыстоўвалі ў паўсядзённым жыцці.
21 лютага 2024 года ў гарадской дзіцячай бібліятэцы прайшла гадзіна роднай мовы “Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Удзельнікамі мерапрыемства сталі навучэнцы 8 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Талачына імя М.П.Лугоўскага”. Падчас мерапрыемства рабят чакала беларуская хатка з акенцамі-заданнямі: “Перакладчыкі”, “Беларуская загадка”, “Назаві адным словам”, “Дапоўні прыказку”, “Крылатая паштоўка”, з якімі яны выдатна справіліся і праявілі сябе добрымі знаўцамі беларускай мовы. Пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. Дапоўніла мерапрыемства кніжная выстава “Мілагучнае, звонкае, роднае слова”.
15 лютага 2024 года ў Коханаўскай гарпасялковай бібліятэцы для вучняў 10 класа ДУА “Коханаўская сярэдняя школа імя І.П.Кожара” праведзены ўрок мовазнаўства “З роднай мовай дзень за днём”. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся аб гісторыі заснавання Міжнароднага дня роднай мовы, аб шляхах развіцця і станаўлення беларускай мовы. Бібліятэкар звярнула ўвагу прысутных на тое, якая цудоўная і мілагучная беларуская мова.
Навучэнцы пашырылі свой слоўнікавы запас і праявілі творчыя здольнасці, прыняўшы ўдзел у конкурсе знаўцаў беларускага фальклора “Сказаў як звязаў” і ў конкурсе перакладчыкаў “Мая мова беларуская”, дзе паказалі добрыя веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову. Таксама прысутным было прапанавана прыняць удзел у інфарм-кактэйлі “На мове роднай размаўляю”, дзе яны з цікавасцю і задавальненнем чыталі выказванні і крылатыя выразы аб мове, вершы і ўрыўкі з вядомых твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў без падрыхтоўкі. Да мерапрыемства была аформлена тэматычная выстава “Ёсць у кожнага мова, што родная навекі”.