Гісторыя края ў прадметах даўніны
Далучэнне да народных традыцый, да вытокаў культуры з’яўляецца важнай часткай для захавання гістарычнай памяці пакаленняў, для непарыўнай сувязі часоў, для выхавання самапавагі і годнасці ў кожным чалавеку. Шмат у чым спрыяюць гэтаму ствараемыя на базе бібліятэк краязнаўчыя куткі і міні-музеі народнага побыту.
У Коханаўскай гарпасялковай бібліятэцы з густам, у нацыянальным каларыце аформлены краязнаўчы куток “Край мой, Коханава”.
У ім выдзелены чатыры раздзелы:
1-шы - “На шляху стварэння” - змяшчае альбом па гісторыі стварэння Коханаўскай гарпасялковай бібліятэкі”, альбом “Край мой, Коханава”, папкі: “Скрозь даль часоў”, “История православия нашего края”, “Путеводитель по библиотеке”, кнігі А. Шнэйдара і іншая літаратура дзе ўпамінаецца аб нашым краі і яго людзях, інфармацыйныя даведнікі “Толочинский район”.
2-гі - “Гонар і слава майго краю” - змяшчае альбом “Героі даўно адгрымеўшай вайны”, папкі: “Нашы героі”, “Помнікі расказваюць”, “Боевой путь партизанской бригады “Гроза”, “Наша боль - Афганистан”.
3-ці - “Ад зямлі, якая нарадзіла і натхніла” - раздзел змяшчае папкі-дасье “Славук - беларускі мастак і графік”, “Савіцкі - мастак мужнасці і гераізму”. Побач, на паліцы “Літаратурны партрэт Коханава”, - зборнікі паэзіі мясцовых паэтаў, папка “Судьба таланта” (аб рэзьбару па дрэве Ф. І. Буткевічу), альбом “Дзе справа - там і слава!”
4-ы - “Мілы кут маіх дзядоў” - ганарымся тым, што тут месціцца калаўрот, выраблены бацькам вядомага паэта-рэвалюцыянера, нашага земляка (в. Малое Гальцэва) І. Батрака. Яго зберагла і перадала бібліятэцы родная пляменніца паэта Н. П. Варанюк.
Дзякуючы нашым чытачам тут з’явіліся: дзяжа-хлебніца, карамысла, маслабойкі, гарлачы, верацяно, саматканыя ручнікі, посцілкі, абрусы, палавікі і іншыя прадметы народнага быту.
Тут праводзяцца ўсе фальклорныя мерапрыемствы, штогод ладзяцца персанальныя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вывучэнню гістарычна-культурнай спадчыны садзейнічаюць штогадовыя вандроўкі па родным краі, падчас якіх краязнўчы куток папаўняецца новымі экспанатамі.
Краязнаўчы куток пад назвай “Жыцця адвечны лад” у сельскай бібліятэцы-філіяле аграгарадка Гаршчэўшчына.
Краязнаўчы куток пад назвай “Духоўная повязь вякоў” у сельскай бібліятэцы-філіяле аграгарадка Слаўнае.